Адыходзьце ад налад па ўмаўчанні,

каб павысіць узровень вашага лічбавага дабрабыту

Калі вы апошні раз “адключаліся” і не карысталіся тэхналогіямі цэлы дзень ці нават гадзіну?

Калі вы пастаянна знаходзіцеся анлайн, вы не адны. У сярэднім чалавек націскае, клікае і свайпае па экране свайго тэлефона 2600 разоў за дзень. (source). Калі вы робіце нешта настолькі часта, вам хочацца адчуваць, што гэта таго варта. Як вы можаце ўпэўніцца, што гэты час з вашай прыладай у руках быў праведзены з карысцю?

Трэба пачаць з таго, што неадольная цяга да тэхналогій не вашая віна! Хочаце верце, хочаце не, вашыя любімыя дадаткі і вэб-сайты распрацаваныя такім чынам, што кожная іх характарыстыка, колер і гук былі “аптымізаваныя” так, каб захапіць вас, прадаць вам штосьці і каб вы звярталіся зноў.

Дадаткі і вэб-сайты таксама распрацоўваюцца такім чынам, каб весці вас туды, куды, на іх думку, вам неабходна трапіць. Кнопкі настойваюць на пацвярджэннях, а тэксты пішуцца так, каб пераканаць вас у чым-небудзь. Нават СМІ працуюць такім чынам, каб завалодаць вашай увагай пры дапамозе сенсацыйных загалоўкаў і пунктаў гледжання.

Хочаце знайсці больш здаровы баланс паміж вашым віртуальным і рэальным жыццём? Пра гэта і пойдзе размова ў дадзенай частцы Дэтоксу ад даных.

Вы даведаецеся, як не прыйсці ў замяшанне з-за шуму і ўпэўніцца, што тэхналогіі прыносяць вам карысць, а не перашкаджаюць. Няма правільнага адказу на пытанне аб тым, наколькі часта (ці рэдка) трэба карыстацца вашымі прыладамі. Пачніце з таго ўзроўню, які здаецца зручным для вас, і працягвайце адтуль.

Давайце пачнём!


1. Прысутнічайце ў імгненні

Выконваць гэтую параду цяжэй, чым здаецца. Каб умець прысутнічаць у імгненні, трэба штодзённа практыкавацца. Гэта як мускул у вашым мозгу, які неабходна рэгулярна трэніраваць, каб ён стаў больш моцным. Вы можаце пачаць з назірання за вашымі адносінамі з тэхналогіямі, што вы выкарыстоўваеце.

Колькі часу вы бавіце з тэлефонам?

Калі адказ вам не падабаецца, існуюць налады і стратэгіі, якіх вы можаце прытрымлівацца, каб узяць пад кантроль вашае карыстанне тэхналогіямі.

Калі вашая мэта — праводзіць менш часу ў Facebook, Instagram ці TikTok, змяніце налады гэтых дадаткаў і дайце ім менш дазволаў, каб яны лепш служылі вам. Некаторыя дадаткі накшталт Instagram можна наладзіць так, каб яны ветліва напаміналі вам, калі вы дасягнулі свайго дзённага ліміту ў сацыяльнай сетцы.

Instagram:

  • Профіль →
  • logo меню →
  • Налады
  • Уліковы запіс
  • Вашая актыўнасць
  • Паставіць штодзённы напамін

Калі вы лічыце, што тэлефон перашкаджае вашым гутаркам у рэальным жыцці ўсімі гэтымі званкамі, гудзеннем ці міганнем, вы можаце часова яго заглушыць, паклаўшы яго экранам уніз ці нават схаваўшы ў кішэню ці ў торбу, каб ён не трапляўся вам на вочы.

Існуюць дадаткі, якія дапамагаюць сачыць за тым, наколькі часта вы карыстаецеся тэлефонам. Android і iPhone зараз прапануюць розныя спосабы кантролю вашых звычак пры дапамозе Google's Digital Wellbeing і апошняга абнаўлення iOS. Гэтыя сэрвісы могуць паказаць вам, як часта вы правяраеце свой тэлефон, і прапанаваць налады, якія вы зможаце кантраляваць.

Каб атрымаць больш карысных парад, чытайце артыкул "Заставайцеся ў імгненні (нават са сваім тэлефонам)".


2. Выявіце дызайнерскія пасткі

Пераканаўчы дызайн, таксама вядомы пад назвай “цёмныя патэрны”, — гэта дызайн, заснаваны на псіхалогіі чалавека і яе выкарыстанні дзеля таго, каб схіліць вас да афармлення падпіскі на што-небудзь, набыцця чагосьці ці да таго, каб вы выдалі больш асабістай інфармацыі, чым вы хацелі ці намерваліся.

Самыя распаўсюджаныя дызайнерскія хітрасці — гэта ўжыванне асаблівых колераў, пэўнае размяшчэнне кнопак, няясныя тэксты ці няпоўная інфармацыя. Часам гэтыя прыёмы відавочныя, але іншы раз іх цяжка распазнаць. Магчыма, вы ўжо заўважалі гэтыя хітрасці, калі афармлялі падпіску ці рабілі пакупкі ў інтэрнэце.

Вы бачыце гэтыя дызайнерскія прыёмы паўсюль, таму што яны працуюць: яны прымушаюць нас клікаць, падпісвацца, пакупаць часцей і звяртацца зноў і зноў. Чым больш у вас будзе інфармацыі аб гэтых тонкіх стымулах і маніпуляцыях, што прысутнічаюць у вэб-сайтах, якімі вы карыстаецеся, тым вы будзеце больш цямлівым і інфармаваным.

Існуе шмат спосабаў перахітрыць вашыя дадаткі.

Заўважайце, калі вас спрабуюць падштурхнуць да чаго-небудзь: Першае, што вы можаце зрабіць, — гэта проста ведаць, што такія тэхнікі існуюць. Прачытайце пра розныя віды тут, сачыце за гэтай старонкай у Twitter ці падпісвайцеся на хэштэг, каб заставацца ў курсе сучасных відаў пераканаўчага дызайну.

Зрабіце скрыншот і падзяліцеся: Рабіце скрыншоты кожны раз, калі вы сустракаецеся з пераканаўчым дызайнам у інтэрнэце, і дзяліцеся імі са сваімі сябрамі (апускаючы ўсе дэталі, якія дазваляюць усталяваць асобу, — канфідэнцыяльнасць вышэй за ўсё!). Вы таксама можаце папрасіць кампаніі змяніць свае метады працы.

Захоўвайце спакой: Калі на старонцы пакупкі ёсць гадзіннік з адваротным адлікам часу, запытайце сябе: “Гэта насамрэч так неабходна?” Збіраючыся націснуць на кнопку, калі вы гэтага не хочаце, задумайцеся аб тым, што напісана на кнопках, ці аб выкарыстаных колерах. Калі вы заблыталіся, не думайце адразу, што гэта вашая віна, — абмяркуйце, якія словы ўжываюцца на вэб-сайце ці ў дадатку, таму што, мабыць, яны няясныя.

Каб убачыць прыклады цёмных патэрнаў і даведацца больш пра тое, як вы можаце заўважыць іх, чытайце артыкул "Інтэрнэт прымусіў мяне гэта зрабіць: знайдзіце яснасць сярод заблытанага дызайну".


3. Заставайцеся разважлівымі, калі маеце справу са СМІ

Падобна таму, як вы можаце навучыцца абыходзіць элементы дызайну, якія распрацаваныя дзеля таго, каб прымушаць вас пракручваць старонку і націскаць на кнопкі, вы можаце даведацца, як выяўляць навіны ці публікацыі, прызначэнне якіх — падмануць вас.

Вы ўжо, мабыць, чулі пра праблему дэзынфармацыі і фэйкавых навін. Вы зможаце заўважаць дэзынфармацыю, калі вы зробіце сваёй звычкай крытычна ставіцца да кожнай прачытанай навіны і задаваць пытанні, асабліва калі яна здаецца дзіўнай, абуральнай ці занадта добрай, каб быць праўдай.

Урэшце вы захочаце праверыць, якая навіна сапраўдная, а якая фальшывая, асабліва калі вы плануеце падзяліцца ёй з членамі сям’і ці сябрамі.

  • З якога яна вэб-сайта?
  • Хто яе напісаў (і калі)?
  • Аб чым распавядае ўвесь артыкул, а не толькі загаловак?
  • Да якіх крыніц звяртаецца аўтар?

Калі вы лічыце, што гэта дэзынфармацыя, і хочаце зрабіць так, каб яе больш не распаўсюджвалі, вы можаце паскардзіцца на публікацыю (большасць платформаў маюць такую магчымасць). Можа быць, вы задумаецеся, ці працягваць сачыць за акаўнтам, які апублікаваў яе.

Каб даведацца больш пра тое, як выяўляць фэйкавыя навіны, чытайце артыкул "Уключыце святло: знайдзіце праўду ў інтэрнэце".


4. Дайце сабе быць пачутымі

Калі вам не падабаецца дызайн, які выклікае прывыканне, пераканаўчы дызайн, дэзынфармацыя на вэб-сайтах, якія вы наведваеце, ці ў дадатках, якімі вы карыстаецеся, вы можаце адправіць электронны ліст, напісаць твіт і паведаміць кампаніям, што вы не згодныя з прынцыпамі іх працы. Калі ад кампаній патрабуюць рашучых дзеянняў іх самыя каштоўныя актывы – іх карыстальнікі – ёсць шанс, што яны штосьці зменяць.

Калі вам здаецца, што вашыя заўвагі і прапановы не чуюць, ёсць нешта вельмі моцнае, што вы можаце зрабіць: пачаць карыстацца іншым вэб-сайтам ці дадаткам. Калі вы паведамілі, што вам не падабаецца штосьці, што робіць вэб-сайт ці дадатак, а потым на самай справе перасталі карыстацца ім ці выдалілі яго – і дастаткова людзей зробяць тое ж самае – яны заўважаць.

Каб атрымаць больш карысных парад аб тым, як выяўляць трукі лічбавага дызайну, чытайце артыкул "Інтэрнэт прымусіў мяне гэта зрабіць: знайдзіце яснасць сярод заблытанага дызайну".


5. Апавясціце ўсіх

Перадайце іншым! Гэтую параду лёгка забыць, але яна можа мець моцны ўплыў. Распавядайце сябрам, членам сям’і і калегам па працы пра рэчы, якія вы заўважаеце, і нават запрашайце іх далучыцца да дэтоксу!

Кожны змагаецца з тым, каб кантраляваць звычкі, звязаныя з карыстаннем тэлефонам. Найбольш важна знайсці зручны для вас спосаб, які падыходзіць вашаму стылю жыцця. Спрабуйце, пакуль не знойдзеце свой, а затым выпрацуйце новыя звычкі, бо патрэбы ўвесь час мяняюцца. Не існуе спосабу, які працуе для ўсіх.

І нарэшце, распавядайце пра ваш выбар тэхнічных сродкаў блізкім. Скажам, вы будзеце недаступныя ў дадатку для абмену паведамленнямі кожны дзень пасля 8 вечара, таму што ў гэты момант вы пачынаеце свой рэжым без экранаў. Скажыце вашым членам сям’і і сябрам, каб замест гэтага яны вам тэлефанавалі.

Падтрымлівайце гутарку, задавайце пытанні, і вы зможаце мець ураўнаважанае анлайн-жыццё, якое падыходзіць вам.

Калі гэтыя парады аказаліся дзейснымі для вас і вы адчуваеце сябе больш ураўнаважанымі, тады чаму б не паспрабаваць прачытаць артыкул Разумныя тэлефоны патрабуюць разумных звычак?

Апошняе абнаўленне: 2/10/2021