Змяніце вашыя налады,

каб абараніць вашыя даныя

Калі б інтэрнэт быў проста месцам для таго, каб дзяліцца выявамі сабак, апранутых у касцюмы дыназаўраў, паролі былі б не вельмі патрэбныя.

Аднак інтэрнэт – гэта месца, дзе вы аплачваеце паслугі i атрымліваеце прапісаныя лекі.

Калі вы задумаецеся пра ўсе вашыя “віртуальныя каштоўнасці”, якімі вы дзеліцеся праз інтэрнэт і якія захоўваюцца на вашых прыладах, чаму б не захоўваць іх у бяспецы, як ваш кашалёк ці ключы?

Існуе адзін просты спосаб зрабіць так, каб іншым было цяжэй атрымаць доступ да вашых віртуальных каштоўнасцяў: не рабіце так, каб іншым было проста адгадаць вашыя паролі. Большасці людзей не патрэбныя спецыяльныя тэхнічныя навыкі, каб увайсці ў вашыя ўліковыя запісы. Яны могуць зрабіць гэта, паспрабаваўшы адгадаць вашыя паролі ці запусціўшы аўтаматызаваную праграму.

І як толькі яны змогуць увайсці ў акаўнт, яны могуць паспрабаваць ужыць гэты ўзламаны пароль для іншых уліковых запісаў, сабраць інфармацыю пра вас і вашыя звычкі, завалодаць вашымі акаўнтамі ці нават выкарыстаць вашую лічбавую ідэнтычнасць.

Па меры праходжання гэтага Дэтоксу ад даных вы даведаецеся аб дзейсных спосабах умацавання вашай сеткавай бяспекі.

Давайце пачнём!


1. Зачыніце вашыя лічбавыя дзверы

Розныя спосабы блакіроўкі экрана, якія вы выкарыстоўваеце для таго, каб атрымаць доступ да вашай прылады: пароль, графічны ключ, адбітак пальца ці распазнаванне твару – гэта вашыя лепшыя абаронцы супраць тых, хто можа спрабаваць скарыстацца вашай прыладай. Але іх існуе мноства, і можа быць цяжка зразумець, які з гэтых спосабаў падыходзіць вам.

З адным тыпам блакіроўкі на тэлефоне, планшэце ці камп’ютары прылады знаходзяцца ў большай бяспецы, чым калі яе няма зусім. Як замкі на вашых дзвярах могуць быць розных тыпаў, так і некаторыя спосабы блакіроўкі экранаў мацнейшыя за іншыя.

Самая моцная блакіроўка з існуючых – гэта доўгі, унікальны пароль. Гэта значыць, што, калі вы жадаеце разблакаваць вашую прыладу пры дапамозе пароля, ён павінен уключаць літары, лічбы і спецыяльныя сімвалы.

Скажам, для разблакавання тэлефона вы выкарыстоўваеце просты свайп. Вы можаце вельмі проста павысіць узровень бяспекі вашай прылады, стварыўшы доўгі пароль. Ці вы выкарыстоўваеце графічны код? Чаму б не зрабіць гэты код даўжэйшым? Ваш ПІН-код – 1234? Як наконт таго, каб замест гэтага кінуць косці сем разоў і ўжыць гэтую камбінацыю ў якасці ПІН-кода?

Маленькая змена можа мець вялікае значэнне для падтрымання кантролю над вашымі прыладамі.

Каб даведацца больш аб тым, як зрабіць блакаванне экрана больш надзейным, чытайце артыкул "Зрабіце блакаванне вашага экрана больш надзейным".


2. Выберыце правільны

Стварыць высакакласны пароль проста. Усё, што вам трэба зрабіць, – гэта прытрымлівацца некалькіх базавых прынцыпаў.

Вашыя паролі павінны быць:

  • Доўгімі: пароль павінен утрымліваць не менш за восем сімвалаў. Нават лепш: 16-20 сімвалаў
  • Унікальнымі: для кожнага сайта неабходна выкарыстоўваць розныя паролі
  • Выпадковымі: ваш пароль не мусіць складацца з лагічнай камбінацыі, якую лёгка адгадаць. І тут нам будуць вельмі неабходныя менеджары пароляў.

Самы надзейны пароль уяўляе сабой камбінацыю літар, лічбаў і спецыяльных сімвалаў. Гэтая правераная на практыцы парада ўсё яшчэ заключаецца ў выкарыстанні надзейнага пароля, які складаней адгадаць. Некаторыя сістэмы пароляў, нажаль, не дазваляюць ужываць спецыяльныя сімвалы (напрыклад, @#$%-=+), але дастаткова доўгая камбінацыя літар і лічбаў лепшая, чым кароткая.

Па магчымасці неабходна выкарыстоўваць спецыяльны менеджар пароляў, каб ствараць і захоўваць усе вашыя паролі. Менеджар пароляў – накшталт 1Password і KeePassXC, якія часта рэкамендуюць спецыялісты па бяспецы, – гэта дадатак, адзінае прызначэнне якога – захоўваць ідэнтыфікацыйныя даныя для ўваходу ва ўліковыя запісы і іншыя канфідэнцыяльныя даныя.

Каб даведацца больш аб тым, як ствараць надзейныя паролі, а таксама як карыстацца менеджарам пароляў, чытайце артыкул "Выберыце правільны: Зрабіце вашыя паролі больш надзейнымі".


3. Дадайце другі ключ

Двухфактарная (2FA) або шматфактарная аўтэнтыфікацыя (MFA) азначае, што, нават калі нехта знойдзе ваш пароль, ён пэўна не зможа завалодаць дадатковым фактарам, неабходным для атрымання доступу.

Праверце налады бяспекі сайтаў і дадаткаў, якімі вы часцей за ўсё карыстаецеся, каб даведацца, ці можаце вы настроіць гэты дадатковы ключ. Пачніце з самых важных: з усіх фінансавых дадаткаў ці такіх службовых праграм, як, напрыклад, электронная пошта, якімі вы карыстаецеся для стварэння іншых уліковых запісаў.

Google:

  • Увайсці ў myaccount.google.com
  • Бяспека
  • 2-крокавая праверка
  • Пачаць

 

Facebook:

  • Hamburger меню→
  • Налады
  • Бяспека і ўваход
  • Выкарыстаць двухфактарную аўтэнтыфікацыю

Карысная парада: Калі вы наладжваеце наступны ўзровень праверкі, вам трэба будзе абраць другі спосаб пацвярджэння, што гэта вы. Пастарайцеся не выкарыстоўваць СМС (тэкставыя паведамленні, якія адпраўляюцца на ваш тэлефонны нумар) у якасці другога фактару на той выпадак, калі вы згубіце тэлефон. Звычайна электронная пошта – гэта больш надзейны варыянт.

Каб даведацца больш аб тым, як засцерагчы вашыя ўліковыя запісы ад небяспекі, чытайце артыкул "Зачыніце вашыя лічбавыя дзверы: Паклапаціцеся пра бяспеку вашага ўліковага запісу".


4. Бараніце свае віртуальныя каштоўнасці

Як вы клапоціцеся пра каштоўныя рэчы ў вашым доме, так вы павінны клапаціцца і пра інфармацыю, якую вы захоўваеце ў віртуальнай прасторы. Не важна, ці гэта вашыя фінансавыя запісы, электронныя копіі пашпарта, нават ваш адрас або нумар тэлефона, варта задумацца аб тым, дзе вы захоўваеце вашыя самыя каштоўныя асабістыя даныя і як вы іх абараняеце.

Кропкавая ачыстка будзе зручнай, калі вы жадаеце хутка зрабіць некалькі паляпшэнняў за кубачкам кавы. Шукайце пэўную інфармацыю, якая знаходзіцца ў вашай электроннай пошце ці ва ўліковых запісах, і выдаляйце яе: электронныя копіі вашага пасведчання асобы, банкаўскія рэквізіты ці інфармацыю аб вашай медыцынскай страхоўцы. Гэты спіс можна працягваць. Калі гэта нешта, што вам спатрэбіцца пазней, вы заўсёды можаце спампаваць гэты дакумент ці надрукаваць яго перад тым, як сцерці яго з вашага ўліковага запісу электроннай пошты.

Глыбокая ачыстка больш грунтоўная. Яе трэба рабіць раз на год. Перамясціце ў архіў усё, што знаходзіцца ў вашай электроннай пошце ці ва ўліковым запісе ў сацыяльнай сетцы, спампуйце ўсё гэта на ваш камп’ютар і выдаліце змесціва акаўнта, каб пачаць нанова.

Карысная парада: Не проста выдаліце — таксама ачысціце сметніцу і папку з часовымі файламі!

Вашая справа— ці стварыць рэзервовыя копіі вашых архіваў і дакументаў на воблаку, захаваць іх на знешнім цвёрдым дыску або на USB-накапляльніку. Не мае значэння, як вы будзеце захоўваць дакументы, галоўнае — гэта ўпэўніцца, што вы іх не згубіце, што яны абараняюцца надзейным паролем і што гэта зручна для вас.

Каб даведацца больш аб тым, як абараніць вашую інфармацыю ў інтэрнэце, чытайце артыкул "Віртуальныя каштоўнасці: Бараніце тое, што вы захоўваеце ў інтэрнэце".


5. Перадайце іншым

Пра гэта лёгка забыцца, але інтэрнэт завецца павуцінай не проста так. Мы ўсе падтрымліваем сувязь анлайн пры дапамозе разнастайных сетак не толькі як “сябры” ў сацыяльных сетках, але і праз кантакты ў нашых уліковых запісах электроннай пошты і праз фотаздымкі, якімі мы дзелімся ў інтэрнэце.

Калі вы засцерагаеце вашыя ўліковыя запісы ад небяспекі, выкарыстоўваеце больш надзейныя паролі і чысціце вашыя даныя, гэта ідзе на карысць не толькі вам. Кожны, з кім вы падтрымліваеце сувязь, будзе ў крышачку большай бяспецы дзякуючы вашым намаганням.

Калі вы чысціце вашыя ўліковыя запісы электроннай пошты ці акаўнты ў сацыяльных сетках, задумайцеся, што яшчэ вы можаце спампаваць і выдаліць, каб гэта магло дапамагчы вашым сябрам і калегамі па працы: банкаўскія рэквізіты вашай сястры, код, які адчыняе ваш офіс, ці электронная копія пашпарта вашага сына — гэта толькі некалькі прыкладаў запісаў, якія могуць выклікаць галаўны боль у тым выпадку, калі яны апынуцца не ў тых руках.

Перадайце іншым! Для ўзмацнення лічбавай бяспекі можна проста прытрымлівацца гэтых некалькіх базавых прынцыпаў. Падзяліцеся гэтым Дэтоксам ад даных са сваімі сябрамі, членамі сям’і ці калегамі па працы, каб дапамагчы ім змяніць свае звычкі так, як ім зручна.

Калі гэтыя парады аказаліся дзейснымі для вас і вы адчуваеце сябе спакайней, чаму б не Удасканаліць свой новы тэлефон асцярожна?

Апошняе абнаўленне: 2/10/2021